Мытнікі далі справаздачу па выніках мінулага года
Kіраўніцтва Дзяржаўнага мытнага камітэта правяло прэс-канферэнцыю, на якой адчыталася пра вынікі працы ў 2014 годзе. Намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Сяргей Палудзень заявіў, што летась мытнымі органамі забяспечана паступленне мытных плацяжоў у рэспубліканскі бюджэт больш чым на 45 трыльёнаў рублёў.
– На беларускім участку мытнай мяжы Еўразійскага эканамічнага саюза ў 2014 годзе завершана рэканструкцыя аўтадарожных пунктаў пропуску “Грыгароўшчына” на мяжы з Латвіяй, “Прывалка” – на мяжы з Літвой. Працягвалася будаўніцтва аўтадарожных пунктаў пропуску “Пяшчатка” на мяжы з Польшчай, “Верхні Церабяжоў” на мяжы з Украінай. Праводзілася таксама рэканструкцыя пункта пропуску “Урбаны” на мяжы з Латвіяй.
Як у сваю чаргу заявіў Павел Лабачоў, начальнік упраўлення арганізацыі змагання з кантрабандай і адміністрацыйнымі мытнымі правапарушэннямі ДМК Беларусі: „Мытнымі органамі быў выяўлены шэраг фактаў перамяшчэння з тэрыторыі Калінінградскай вобласці тэле- і бытавой апаратуры, якая, на думку мытных органаў, падлягала дэклараванню”.
Паводле БелаПАН
Фота lelchitsy.by