Мытнікі спынілі ўвоз з Украіны буйной партыі радыёактыўных чарніц



Супрацоўнікі Берасцейскай мытні спынілі ўвоз у краіну радыёактыўных чарніц.

Як паведамляе мытня, грузавы аўтамабіль „Вольва” ехаў з Украіны праз пункт мытнага афармлення „Верхні Церабяжоў”. Згодна з таварасуправаджальнымі дакументамі, з Ровенскай вобласці на адрас гомельскай фірмы накіроўвалася 600 мяшкоў замарожаных журавін — прыблізна 21 тона.

Падчас афармлення транспартнага сродку сістэма радыяцыйнага кантролю зафіксавала значнае перавышэнне дапушчальнай дозы гама-выпраменьвання.

Падчас пошуку крыніцы выпраменьвання супрацоўнікі мытні выявілі ў прычэпе-рэфрыжэратары 100 мяшкоў замарожаных чарніц, прыкладна тры тоны, схаванай ад мытнага кантролю пад асноўным таварам. Максімальнае значэнне магутнасці эфектыўнай дозы гама-выпраменьвання ягад перавысіла дапушчальную норму ў чатыры разы (0,8 мкЗв/г).

Дадатковы радыяцыйны кантроль, праведзены спецыялістамі Столінскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, пацвердзіў гэты факт. Усталяваны ізатоп гама-выпраменьвання — цэзій-137, які лічыцца адным з самых небяспечных радыенуклідаў для здароўя чалавека.

З-за неадпаведнасці тавару санітарным патрабаванням аўтамабіль з радыеактыўным грузам вернуты на тэрыторыю сумежнай дзяржавы, пра што праінфармаваныя супрацоўнікі кантрольных органаў Украіны.

Па факце недэкларавання трох тон чарніц мытняй распачаты адміністрацыйны працэс на падставе ч. 1 арт. 14.5 КоАП.

belapan.com

Фота brest.customs.gov.by