Мытнікі знайшлі ў грамадзяніна РФ рэвальвер
Берасцейскія мытнікі ў пункце мытнага афармлення „Варшаўскі мост” на мяжы з Польшчай спынілі ўвоз рэвальвера і 124 патронаў.
Як паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт, на чырвоным калідоры падчас агляду аўтамабіля „Мэрседэс-Бенц”, які рухаўся з Германіі і якім кіраваў грамадзянін Расеі, службовыя асобы выявілі сярод асабістых рэчаў вадзіцеля 50 патронаў ва ўпакоўцы.
Падчас апытання на наяўнасць абмежаваных і забароненых да перамяшчэння тавараў кіроўца даў адмоўны адказ.
Транспартны сродак быў накіраваны ў бокс для надгляду, па выніках якога ў чамадане з рэчамі расіяніна знойдзены рэвальвер Smith&Wesson Combat Second з убудаваным ствалом і серыйным нумарам на корпусе. Акрамя таго, у аўтамабілі і вопратцы грамадзяніна знойдзена яшчэ 74 патроны.
Гэтыя прадметы былі канфіскаваныя і накіраваныя для правядзення балістычнай экспертызы. Па выніках экспертызы ўстаноўлена, што пісталет прызначаны для стральбы патронамі, знойдзенымі ў транспартным сродку пры надглядзе, паведамляе ДМК.
Берасцейскай мытняй распачатая крымінальная справа, грамадзянін Расеі затрыманы.
Фота virtualbrest.by
