МЗС Беларусі асуджае „чарговую спробу неканстытуцыйнага захопу ўлады ў Венесуэле”



У Беларусі з „асуджэннем успрымаюць інфармацыю аб чарговай спробе неканстытуцыйнага захопу ўлады ў Венесуэле і змяшчэння законна абранага прэзідэнта Нікаласа Мадуры”. Пра гэта гаворыцца ў апублікаванай 1 траўня заяве беларускага знешнепалітычнага ведамства.

„Такія дзеянні пагаршаюць сітуацыю і дэстабілізуюць абстаноўку ў краіне, раз’ядноўваюць венесуэльскае грамадства, — адзначаецца ў заяве. — У сучасным свеце не павінна быць месца неканстытуцыйным праявам, якія груба парушаюць асновы дэмакратыі і прынцыпы гуманнасці. Праблемы, якія стаяць перад Венесуэлай, павінны вырашацца выключна мірным шляхам, у рамках прававога поля і Канстытуцыі краіны”.

Беларусь „рашуча асуджае любыя незаконныя крокі ў гэтым кантэксце” і заклікае апазіцыйныя палітычныя сілы да мірнага дыялогу, які з’яўляецца „адзіным легітымным спосабам пошуку рашэнняў па выхадзе з сітуацыі, якая склалася”.

30 красавіка ў Венесуэле абвастрылася супрацьстаянне прыхільнікаў лідара апазіцыі Хуана Гуайдо і ўрадавых сіл прэзідэнта Нікаласа Мадуры. У сталіцы краіны — Каракасе — пачаліся буйныя сутыкненні ўдзельнікаў пратэстаў з вайскоўцамі.

belapan.by