МЗС Беларусі заяўляе, што гатовае акрэдытаваць нават журналістаў-фрылансераў



Начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз пракаментаваў парадак атрымання акрэдытацыі ў Беларусі для журналістаў-фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі медыя.

Па словах Глаза, у МЗС максімальна лаяльна падыходзяць да практыкі прымянення дзеючага заканадаўства ў гэтай сферы. І як Міністэрства замежных спраў гатовыя даць журналістам-фрылансерам магчымасць афармляць часовую акрэдытацыю ў МЗС. Нагадаем, падчас пасяджэння Камітэта ААН па правах чалавека ў Жэневе прадстаўнік МЗС Ларыса Бельская заявіла, што акрэдытацыю замежнага журналіста ў Беларусі могуць атрымаць і журналісты-фрылансеры. Аднак ў патрабаваннях аб акрэдытацыі абавязковым дакументам паказаны, напрыклад, пісьмовы зварот за подпісам кіраўніка канкрэтнага СМІ. Таксама шэраг медыя, у прыватнасці тэлеканал „Белсат”  і „Беларускае Радыё Рацыя” неаднаразова атрымлівалі адмовы ў акрэдытацыі журналістаў, якія супрацоўнічаюць з імі. Улады пераследуюць журналістаў-фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з гэтымі медыя без акрэдытацыі, складаючы адміністрацыйныя пратаколы і штрафуючы аўтараў матэрыялаў на велізарныя сумы. Толькі сёлета такіх выпадкаў зафіксавана больш за 80, а агульная сума штрафаў склала больш за 74 тысячы рублёў.