МЗС даслала матывіроўку адмовы ў акрэдытацыі журналістаў „Радыё Рацыя”
Упраўленне інфармацыі і лічбавай дыпламатыі Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення МЗС Рэспублікі Беларусь нарэшце даслала матывіроўку адмовы (на расейскай мове) ў акрэдытацыі карэспандэнтаў нашага радыё Віктара Парфёненкі і Яўгена Скрабца.
Прыводзім тэкст паведамлення:
Старшыні праўлення радыёстанцыі «Беларускае радыё Рацыя»
Яўгену Вапу
Паважаны спадар Вапа,
У сувязі са зваротам аб пастаяннай акрэдытацыі пры МЗС Рэспублікі Беларусь Парфёненкі Віктара Васільевіча і Скрабца Яўгена Ігаравіча ў якасці карэспандэнтаў радыёстанцыі «Беларускае радыё Рацыя» інфармуем Вас пра тое, што Камісіяй МЗС па разглядзе пытанняў акрэдытацыі журналістаў замежных сродкаў масавай інфармацыі прынята рашэнне пра адмову ў акрэдытацыі на падставе падпункта 15.4 пункта 15 Палажэння аб парадку акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь журналістаў замежных сродкаў масавай інфармацыі, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 снежня 2008 г. № 2015 «Аб некаторых пытаннях рэгулявання дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі».
З павагай,
ўпраўленне інфармацыі і лічбавай дыпламатыі Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення МЗС Рэспублікі Беларусь
Нагадаем, Віктар Парфёненка ўжо 10 гадоў супрацоўнічае з нашым радыё і кожны год ён накіроўвае ў Міністэрства замежных спраў Беларусі заяву на акрэдытацыю ў якасці карэспандэнта замежнага СМІ. І кожны раз яму адмаўляюць.
Беларускае Радыё Рацыя