МЗС і Мінздароўе лічаць немэтазгодным спыненне авіязносін з Кітаем



Міністэрствы замежных спраў і аховы здароўя Беларусі лічаць немэтазгодным спыненне авіязносін з Кітайскай Народнай Рэспублікай у гэты час, гаворыцца ў адказе на петыцыю „Забараніць уезд грамадзянам Кітая на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь да заканчэння эпідэміі каранавіруса”, размешчаную на сайце petitions.by.

Аўтары звароту ў канцы студзеня 2020 года прасілі дзяржорганы, у прыватнасці Адміністрацыю прэзідэнта і Савет міністраў, забараніць уезд жыхарам Кітая ў Беларусь і спыніць авіязносіны з гэтай краінай „у сувязі са смяротнай пагрозай”. „Распаўсюджванне смяротнага захворвання можа быць вельмі хуткім і дасягнуць стадыі пандэміі. Не дадзім захварэць і загінуць нам і нашым дзецям!” — заклікалі аўтары звароту. На момант адпраўкі петыцыі 3 лютага яе падпісалі 698 чалавек.

У адказе ад 26 лютага за подпісам начальніка галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС Аляксандра Хайноўскага паведамляецца, што зварот, які паступіў з апарату Саўміна, быў разгледжаны і перададзены для каментара ў Міністэрства аховы здароўя, бо менавіта гэты дзяржорган „вызначае парадак правядзення аналізу рызык”.

Міністэрства аховы здароўя на запыт МЗС паведаміла наступнае: „Праведзеныя СААЗ (Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя. — БелаПАН.) даследаванні, у тым ліку па папярэдніх успышках захворванняў і мерах рэагавання, сведчаць аб тым, што такія меры, як забарона на перамяшчэнне людзей, не могуць істотна паўплываць на распаўсюджванне захворвання, а толькі ссоўваюць па часе пік інфікавання. Паводле ацэнак спецыялістаў арганізацыі, праз 10 дзён такія меры не эфектыўныя. З улікам наяўнай інфармацыі пра этыялогію і патагенез COVID-19, вопыту КНР па лакалізацыі эпідэміялагічных праблем, спыненне авіязносін з КНР у цяперашні час уяўляецца немэтазгодным з-за шэрагу падстаў”.

У міністэрстве растлумачылі, што кітайскія грамадзяне, грамадзяне іншых краін, у тым ліку беларусы, прыбываюць з рэгіёнаў КНР, якія „з’яўляюцца тэрыторыямі нізкай рызыкі распаўсюджвання COVID-19”. „На тэрыторыях, дзе зарэгістраваная найбольшая колькасць выпадкаў захворвання (тэрыторыя высокай рызыкі, у тым ліку правінцыя Хубэй), уведзеныя абмежавальныя мерапрыемствы, у прыватнасці спыненыя авіязносіны”, — адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя.

У міністэрстве таксама паведамілі, што ў Беларусі прынятыя ўсе неабходныя меры бяспекі. Так, у нацыянальным аэрапорце Мінск праводзіцца двайны санітарна-каранцінны кантроль з выкарыстаннем цеплавізійнага абсталявання і лабараторнае абследавання на COVID-19 грамадзян, якія прыбываюць з КНР. Далей за гэтымі людзьмі ўсталёўваецца 14-дзённае медыцынскае назіранне.

На сайце petitions.by размешчаныя яшчэ некалькі падобных петыцый. Адна, якая сабрала 305 подпісаў, была накіраваная ў дэпартамент па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый. Адказ быў атрыманы 18 лютага і заключаецца ў наступным: „Закрываць паветраныя зносіны з КНР не рэкамендавана Міністэрствам аховы здароўя, бо гэта можа прывесці да пераарынтавання пасажырапатоку на іншыя віды транспарту і пацягнуць дадатковыя рызыкі”.

10 лютага быў адпраўлены яшчэ адзін калектыўны зварот з просьбай „не дапусціць распаўсюджвання каранавіруса ў Беларусі” ў Адміністрацыю прэзідэнта. Зараз ідзе збор подпісаў пад чацвёртай петыцыяй. Яе плануецца накіраваць у Міністэрства аховы здароўя.

belapan.by