МЗС Польшчы: Дамова з „Белсатам” спыненая (абноўлена)
«Ранейшая дамова МЗС Польшчы і Польскга тэлебачання наконт стварэння „Белсату” ўжо скасаваная» — напісаў у артыкуле для газеты Rzeczpospolita дзяржсакратар у справах бяспекі, усходняй і еўрапейскай палітыкі МЗС Польшчы Марэк Зюлкоўскі.
«Мы ахвотна распачнем з дасведчанай беларускай камандай „Белсату” дыскусію, як змяніць гэты СМІ, каб ён мог знайсці патрэбнага спонсара і прэстыж важнага сродку беларускай камунікацыі» — напісаў высокапастаўлены чыноўнік МЗС у артыкуле «МЗС глядзіць на ўсход. Карпатлівая нармалізацыя дачыненняў з Беларуссю».
Марэк Зюлкоўскі мае пасаду, роўную намесніку міністра замежных спраў, ён адказвае ў ведамстве за ўсходнюю палітыку Польшчы.
Беларускі палітолаг Валер Карбалевіч звяртае ўвагу на тое, што наконт далейшага існавання “Белсата” цягам апошніх месяцаў была вельмі супярэчлівая інфармацыя. Розныя польскія чыноўнікі высокага ўзроўню давалі розную інтэрпрэтацыю гэтых падзеяў. Яшчэ 5 студзеня сама прэм’ер-міністр Беата Шыдла запэўнівала, што існаванню “Белсата” нічога не пагражае.
– То бок, у кіроўнай кааліцыі, кіроўнай камандзе ёсць сур’ёзныя рознагалоссі па гэтым пытанні. Другі момант – мы сёння назіраем такую з’яву ў сусветнай палітыцы, калі да ўлады прыходзяць палітычныя сілы, якія ўмоўна можна назваць нацыяналістамі. То яны пытанне дэмакратычных каштоўнасцяў неяк адкладаюць убок.
Адметна, што навіна пра спыненне фінансавання “Белсата” супала з візітам дэлегацыі Палаты прадстаўнікоў Беларусі ў Варшаву. Каментуе гарадзенскі карэспандэнт “Gazety Wyborczеj” Анджэй Пачобут.
– Думаю, што наўрад ці гэта звязана між сабой. На жаль, я не ведаю, таму мне цяжка нешта казаць.
Польскі візіт — першы ў гісторыі Палаты прадстаўнікоў— працягнецца да 2 лютага.
Як даведалася Свабода з неафіцыйных крыніцаў, польскае МЗС цалкам спыняе фінансаванне „Белсата”. У дадзены момант „Белсат” фінансуе Польскае грамадскае тэлебачанне TVP, часткай якой канал і з’яўляецца.
5 студзеня дырэктарка тэлеканала Белсат Агнешка Рамашэўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Польшчы Беатай Шыдла і паведаміла на сваім профілі ў Фэйсбуку наступнае:
«Думаю, што будзеце задаволеныя, як і я, навіною, якую я перадаю: пані прэм’ер запэўніла мяне і ўпаўнаважыла заявіць, што існаванню „Белсату” нічога не пагражае. Найбліжэйшы месяц мы прысвяцім абмеркаванню далейшых прынцыпаў супрацоўніцтва з МЗС».
Паводле МЗС Польшчы, ад 2007 году агулам фінансаванне тэлеканалу „Белсат” склала 157 млн злотых (за гэты час курс злотага вагаўся ад 2 да 4 за даляр ЗША). Гэта траціна ўсіх сродкаў, якія Польшча выдаткавала за гэты час на падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.
25 студзеня дзяржсакратар МЗС Польшчы Марэк Зюлкоўскі сустрэўся з амбасадарам Беларусі ў Варшаве Аляксандрам Авер’янавым. У польскі парламент цяпер прыехала з візытам дэлегацыя Палаты прадстаўнікоў Беларусі. Польскі візіт — першы ў гісторыі Палаты прадстаўнікоў— працягнецца да 2 лютага