МЗС рэкамендуе беларусам адмяніць турпаездкі ў Егіпет



Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь рэкамендуе беларускім грамадзянам адмяніць на бліжэйшы час (да новых паведамленняў) паездкі ў Егіпет з турыстычнымі мэтамі. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджаным 7 лістапада паведамленні знешнепалітычнага ведамства.

Такія рэкамендацыі, як растлумачылі ў МЗС, звязаныя „з рашэннем уладаў шэрагу дзяржаў аб часовым абмежаванні авіязносінаў з турыстычнымі цэнтрамі Арабскай Рэспублікі Егіпет, у прыватнасці аб дамене авіяпералётаў у напрамку Егіпта, а таксама арганізацыі планавага і пазапланавага вывазу турыстаў з гэтай краіны, улічваючы, перш за ўсё, узніклы ажыятаж, тэхнічныя цяжкасці і магчымыя праблемы з належным кантролем бяспекі ў адпаведных егіпецкіх аэрапортах”.

„МЗС Беларусі звяртае ўвагу на карэкціроўку палётнай праграмы расійскіх авіяперавозчыкаў у напрамку Егіпта і рэкамендуе ў кантакце з беларускімі тураператарамі адсочваць магчымыя рашэнні ААТ „Белавія” па адпаведных рэйсах з Рэспублікі Беларусь”, – гаворыцца ў паведамленні.

„Адначасова МЗС зазначае захаванне кантраляванай і ў цэлым бяспечнай сітуацыі ў Егіпце, уключаючы сталіцу дзяржавы Каір, для знаходжання з дзелавымі і іншымі мэтамі”, — падкрэслілі ў знешнепалітычным ведамстве краіны.

Тым часам беларускія турысты па-ранейшаму ляцяць на адпачынак у Егіпет з Менска чартарнымі рэйсамі авіякампаніі „Белавія”. Так, раніцай 7 лістапада ў Хургаду з Менска вылецелі два самалёты — у 8.10 і 8.55, сведчыць табло вылету „Белавія”. Яшчэ адзін вылет у Хургаду запланаваны 8 лістапада на 4.10 раніцы. У гэты ж дзень у 16.10 плануецца вылет у Шарм-эш-Шэйх. Такім чынам, можна зрабіць выснову, што пакуль ніякіх рашэнняў аб адмене палётаў на егіпецкія курорты ўлады Беларусі не прынялі. Каментарыяў у сувязі з гэтым пакуль атрымаць не ўдалося.

Нагадаем, 6 лістапада прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін пагадзіўся з рэкамендацыяй дырэктара ФСБ Аляксандра Бортнікава прыпыніць авіязносіны з Егіптам да высвятлення прычын падзення А321 і даручыў ураду адпрацаваць механізмы рэалізацыі гэтых рэкамендацый. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў пасля пасяджэння Нацыянальнага антытэрарыстычнага камітэта. Раней шэраг заходніх СМІ паведамілі пра тое, што, як мяркуецца, прычынай падзення самалёта і гібелі 224 чалавек на яго борце магла стаць бомба, якая ўзарвалася.

Раней пра эвакуацыю грамадзян з курортнай зоны Егіпта аб’явіла Вялікабрытанія.

belapan.by