МЗС яшчэ не разглядала пытанне акрэдытацыі карэспандэнтаў „Белсата”



“Міністэрства замежных спраў пакуль не разглядала пытанне акрэдытацыі карэспандэнтаў «Белсата», паколькі пасяджэнне адпаведнай камісіі не праводзілася,” – паведаміў на брыфінгу ў Менску прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык.

„Што тычыцца тэрмінаў разгляду заявак, ёсць пункт 7 у палажэнні аб акрэдытацыі журналістаў замежных сродкаў масавай інфармацыі, яны там дакладна абумоўлены. З нагоды пасяджэнняў камісіі па акрэдытацыі нейкіх фіксаваных дат пасяджэнняў не існуе. Яны праводзяцца зыходзячы з тэрмінаў разгляду заявак, а таксама працоўнага графіка членаў камісій”, – сказаў Мірончык.

Як паведамляе Белапан, у пункце 7 зацверджанага Саветам Міністраў у 2008 годзе палажэнні аб парадку акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь журналістаў замежных СМІ сказана: «Зварот аб атрыманні журналістам замежнага сродка масавай інфармацыі пастаяннай акрэдытацыі разглядаецца камісіяй па пытаннях акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў у двухмесячны тэрмiн з дня атрымання адпаведнага звароту, а часовай акрэдытацыі – не пазней за 20 дзён з дня атрымання адпаведнага звароту».

Незалежны тэлеканал «Белсат» чацвёрты раз спрабуе атрымаць акрэдытацыю ў Беларусі. Неабходны пакет дакументаў быў пададзены ў беларускае МЗС 21 сакавіка. Як тлумачыў афіцыйны прадстаўнік канала ў Беларусі Аляксей Мінчонак, папярэднія тры разы «Белсат» спрабаваў атрымаць акрэдытацыю для свайго карпункта ў Менску, зараз жа пададзеныя дакументы на акрэдытацыю сямі журналістаў і аператараў.

Раней МЗС адмаўляла ў акрэдытацыі карпункту на падставе таго, што супрацоўнікі «Белсата» парушалі беларускае заканадаўства, працуючы без акрэдытацыі.