На 2 гады „хатняй хіміі” асудзілі менчанку за высяленне з кватэры памочніцы пракуроркі



У Заводскім судзе Менску 30 чэрвеня вынеслі прысуд 33-гадовай Вольгай Сінялёвай, якая адмовілася здаваць кватэру памочніцы пракурора Фрунзенскага раёна Менска Аліне Касьянчык.

Менчанку прызналі вінаватай па арт. 190 Крымінальнага кодэкса — парушэнне раўнапраўя грамадзян. Суддзя Анжэла Касцюкевіч асудзіла Вольгу да 2 гадоў „хатняй хіміі”. Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае Кунцэвіч. Суд праходзіў у закрытым рэжыме „у сувязі з неабходнасцю абараніць асабістыя дадзеныя Касьянчык і дадзеныя яе сям’і ад разгалошвання”.

Суд пачаўся 18 чэрвеня, але, па сутнасці, так і не адбыўся. На судзе высвятлілася, што адваката Вольгі Сінялёвай Андрэя Мачалава пазбавілі ліцэнзіі. Пра гэта ён даведаўся ў залі суду.

Абвінавачаная Вольга Сінялёва, якая мае двух дзяцей, адно з іх грудное, знаходзілася пад падпіскай аб нявыездзе. Як раней паведаміла генпракуратура, дамова найму жылога памяшкання была падпісана летась 21 ліпеня на два гады. Пацярпелая памочніца пракурора «выконвала своечасова і ў поўным аб’ёме» свае абавязацельствы паводле дамовы. Але арэндадаўца, паводле пракуратуры, «паддалася інфармацыйнаму ўздзеянню Telegram-каналаў і іншых інтэрнэт-рэсурсаў» і запатрабавала ад Аліны Касьянчык вызваліць жылое памяшканне.

Па інфармацыі праваабаронцаў, канфлікту ва ўладальніцы кватэры і кватэранаймальніцы не было. Пацярпелая Касьянчык сама напісала заяву на скасаванне дамовы арэнды праз месяц, а праз два тыдні напісала заяву ў міліцыю, тыя адмовілі, бо не было падставаў для ўзбуджэння крымінальнай справы. Яна пайшла ў СК, тыя доўга выклікалі Вольгу з грудным дзіцем на допыты, і распачалі крымінальную справу па арт. 190 КК.

spring96.org