На 30 лістапада аб’яўлены аранжавы ровень небяспекі



Апошні дзень восені будзе непагодлівым: сіноптыкі прагназуюць мокры снег, туман, галалёд і вецер парывамі да 15-20 метраў у секунду.

У краіне аб’яўлены аранжавы ровень небяспекі, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.

У Мёнску днём 30 лістапада чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 15-18 м / с. Будзе воблачна. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. У асобных раёнах магчымы туман, галалёд, наліпанне мокрага снегу. На дарогах — галалёдзіца.

Тэмпература паветра ўначы – ад 4 марозу да 2 цяпла. Днём чакаецца ад -1 ° C да + 5 ° C.

Аранжавы ўзровень небяспекі аб’яўляецца калі ўмовы надвор’я могуць стварыць рэальную небяспеку: негатыўна паўплываць на сацыяльна-эканамічную дзейнасць, нанесці матэрыяльную шкоду, а таксама магчымыя чалавечыя ахвяры.