На 5 сутак арыштаваны аршанец Генадзь Ларыёнаў – за кармленне галубоў
Генадзя Ларыёнава затрымалі яшчэ ўчора, але падрабязнасці сталі вядомыя толькі цяпер. 13 траўня ён збіраўся святкаваць дзень народзінаў жонкі, але апынуўся ў ізалятары часовага ўтрымання.
Таццяна Ларыёнава даведалася пра арышт мужа ад знаёмых, якія прачыталі пра затрыманне ў мясцовым тэлеграм-канале. Паводле жанчыны, яна не ведала ні пра суд, ні пра наступствы:
– Я толькі сёння прыйшла ў гэты ізалятар, мне паведамілі, што ў мужа артыкул 23.34. Я спытала, чаму так: я жонка, а мне нават не патэлефанавалі, не сказалі пра суд. Мне адказалі, што ён не дзіця, а дарослы чалавек, што ён павінен сам адказваць за свае ўчынкі, і таму мне не патэлефанавалі.
На думку спадарыні Таццяны, так рабіць нельга: муж не атрымаў ні маральнай, ні юрыдычнай падтрымкі ў судзе, бо працэс прайшоў патаемна ад грамадскасці. Генадзя Ларыёнава асудзілі на 5 сутак арышту за тое, што ў нядзелю 10 траўня ён і яшчэ некалькі чалавек кармілі галобоў на плошчы Леніна, а потым прайшлі да мемарыяльнага комплексу “Кацюша”. Следам за ім на 12 сутак асудзілі Міхаіла Чамураку – ён зрабіў тое самае, а таксама вёў стрым падчас праходкі па горадзе і аспрэчваў памкненне патрульнага міліцыянта, які спрабаваў спыніць “кармленне галубоў”.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск