На пятніцу ў Беларусі абвясцілі штармавое папярэджанне



На 6 кастрычніка ў Беларусі абвясцілі штармавое папярэджанне – аранжавы ровень небяспекі. Чакаецца моцны вецер. Пра гэта паведамляе Белгідрамет.

«6 кастрычніка, у пятніцу, па паўднёвай палове Беларусі чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с. У Менску чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 14 метраў у секунду», – распавялі сіноптыкі.

У МНС нагадваюць, што пры моцным ветры трэба прыбраць гаспадарчыя рэчы з двара і балконаў, а машыну пакінуць у гаражы або на паркоўцы далей ад дрэў і слаба ўмацаваных канструкцый. На вуліцах лепш абыходзіць хісткія будынкі і дамы з няўстойлівым дахам, дрэвы і разнастайныя збудаванні падвышанай рызыкі (масты, эстакады, трубаводы, лініі электраперадачы, патэнцыйна небяспечныя прамысловыя аб’екты).

Кіроўцам рэкамендуецца адмовіцца ад паездак.