На 82 годзе жыцця памёр Уладзімір Сідарук (абноўлена)



На 82 годзе жыцця памёр Уладзімір Сідарук, шматгадовы карэспандэнт „Нівы”.

Пісаў допісы з роднай Кузавы, Чаромхі і Гайнаўшчыны. У 60-ыя гады аб’ездзіў з кінаперасоўкай усю Беласточчыну ды свой асветніцка-фільмавы шлях апісаў ва ўспамінах, насычаных сацыялагічнымі і кампанейскімі цікавінкамі.

Як распавёў у перадачы “З Падляшша родам. Месцы. Падзеі. Людзі” – ягоная прыгода з “Нівай” пачалася яшчэ ў 1959 годзе.

– Напісаў у “Зорку” і там быў конкурс такі: трэба было паслаць малюнак, што запамяталася з дзяцінства. І я зрабіў такі малюнак, намаляваў, як партызаны пастралялі немцаў. І мне прызналі кніжную ўзнагароду, памятаю зараз, атрымаў казкі “Чароўная чаша” на беларускай мове. 

Дзядзька Валодзя – бо так мы называлі яго ў рэдакцыі – быў чалавекам з прыродным пачуццём справядлівасці. Узгадвае паэтэса і журналістка “Нівы” Міраслава Лукша.

– Гэта быў нейкі з’езд карэспандэнтаў. Я ў “Ніве” працую ад 1984 году, памятаю прыехалі на з’езд карэспандэнты. Тады “Ніва” была на вуліцы Суражскай. Але ў нас сустрэча была ў канферэнц-зале выдавецтва.  

За звыш 60-гадоў супрацоўніцтва з тыднёвікам «Ніва» Уладзімір Сідарук напісаў каля трох тысячаў тэкстаў. Пра працу ў  брыгадзе кінаперасоўкі на Гайнаўшчыне і Бельшчыне ў 60-ыя гады і пра штодзённае тадышняе жыццё падляшскіх вёсак маглі мы прачытаць у цыклічным аповедзе Уладзіміра Сідарука «Засталіся адно ўспаміны» і «Як працвітала Чаромха». У планах Уладзіміра Сідарука было выдаць кнігу ўспамінаў «Наперакор лёсу», прысвечаную памяці сваіх бацькоў і жонкі Анны.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Ганны Кандрацюк