На абаронцаў Курапатаў супрацоўнікі ДАІ складаюць пратаколы
На абаронцаў Курапатаў супрацоўнікі ДАІ складаюць пратаколы аб парушэнні Правілаў дарожнага руху (ПДР). Іх, у прыватнасці, абвінавачваюць у парушэнні пункта 17.1 ПДР у сувязі са знаходжаннем пешаходаў на праезнай частцы.
Пратаколы ўжо складзеныя на сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі „БХД” Паўла Севярынца і актывіста Леаніда Кулакова. Зараз міліцыянеры складаюць пратакол на актывістку Вольгу Нікалайчык.
Машына ДАІ прыбыла да забаўляльнага комплексу з рэстаранам „Паедзем паядзім” пасля таго, як абаронцы Курапатаў заступілі дарогу аднаму з аўтамабіляў, які прыехаў у рэстаран.
На тэрыторыю комплексу перыядычна заязджаюць машыны, у тым ліку з прадуктамі. Некаторым з іх актывісты заступаюць дарогу. На ўездзе ў комплекс па-ранейшаму вісіць шыльда „Зачынена”.
Не выключана, што сёння ў Курапатах будзе ўстаноўленая палатка. БелаПАН