На абаронцу Курапатаў пачалі крымінальную справу за „тэлефоннае мініраванне”
У дачыненні да аднаго з абаронцаў Курапатаў — 27-гадовага Мікіты Найдзёна з моладзевай грамадскай арганізацыі „Альтэрнатыва” (зарэгістраваная ў Латвіі) — пачата крымінальная справа за лжывае паведамленне пра мініраванне рэстарана „Поедем поедим”, паведаміў у „Фэйсбуку” лідар арганізацыі Алег Корбан.
Паводле слоў Корбана, актывіст патэлефанаваў у рэстаран 10 чэрвеня ў 22.45 і паведаміў пра закладзеную бомбу. Наведвальнікі і персанал былі эвакуяваны, праз 10 хвілін на месца прыбылі сапёры і хуткая дапамога. А другой гадзіне ночы Найдзён быў затрыманы ў сябе дома. Трое сутак ён правёў у ізалятары часовага ўтрымання, пасля чаго быў пераведзены пад хатні арышт да суда.
Актывіст працуе на Менскім трактарным заводзе штампоўшчыкам.
„Мікіта не вытрымаў здзеку з нацыянальнага мемарыялу ў Курапатах і вырашыў паскорыць той момант, калі пекла ў выглядзе забаўляльнага комплексу „Поедем поедим” закрыецца, а ўсе іх чэрці разбягуцца”, — растлумачыў Корбан матыў дзеянняў паплечніка. Як адзначыў лідар арганізацыі, асаблівага націску праваахоўнікі на Найдзёна не аказвалі, але „далі жорсткую рэкамендацыю не ўдзельнічаць у мерапрыемствах у Курапатах, а пра гэты выпадак нікому не расказваць, тады на судзе будзе „ўсё добра”. У размове з Корбанам актывіст назваў свой учынак неабдуманым, заявіў, што не думаў пра магчымую крымінальную адказнасць, а хацеў хоць чымсьці дапамагчы ў змаганні за закрыццё рэстарана. Падчас званка з паведамленнем пра ілжывае мініраванне Найдзён быў цвярозы.
Фота TUT.by