На абаронцу Курапатаў Палейку ўчынены напад
На аднаго з абаронцаў ўрочышча Курапаты ўвечары 6 лютага ўчынены напад, паведаміў у „Фэйсбуку” актывіст Анатоль Навумовіч.
„На абаронцаў Курапатаў быў учынены напад! Юрыю Палейку разбілі нос з крыкамі: „Вас ж @ дов страляць трэба”. І адразу ж злачынец паехаў”, — падзяліўся Навумовіч.
„Па апісанні злачынца падобны на чалавека, які ў снежні спрабаваў разбіць „лаву Клінтана”, — удакладніў ён.
Актывістам удалося запісаць рэгістрацыйны нумар аўтамабіля „Мазда”, на якім схаваўся той, хто нападаў.
З 31 мая 2018 года штодня каля Курапатаў праходзяць акцыі супраць працы рэстарана „Паедзем паядзім”. Рэстаран размешчаны паблізу месца масавых расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам.