На Акрэсціна працягваюцца катаванні
У Беларусі не спыняюцца рэпрэсіі супраць актыўнай грамадзянскай супольнасці. Людзей без віны кідаюць ў ізалятары часовага ўтрымання, дзе падвяргаюць катаванням праз умовы. Таму людзі працягваюць збягаць за межы краіны. Наталля і Ірына прыехалі тыдзень таму з Менску ў Варшаву пасля адседкі на Акрэсціна, кажа Ірына:
„Усё жудасна! Шмат людзей, дыхаць няма чым. Імкнуцца зрабіць умовы горш: калі горача – вентыляцыю выключаюць, калі холадна – наадварот ўключаюць. На прагулкі не выводзяць, людзей шпігуюць так, што месцаў не хапае. Замест душавой зрабілі склад перадач, якія нам не перадавалі. Калі выйшла, ня далічылася рэчаў, яны забіраюць асабістыя рэчы”
Паводле жанчын, туалетную паперу не давалі па 3 дні, не давалі дастаткова іншых сродкаў гігіены. У камеры на 2 чалавекі было 16. Пасцельнай бялізны і наогул пасцелі не давалі, хаця на паперы гэта ўсё было і за гэта падпісваліся, каб не трапіць у карцар, дзе значна жахлівей. Арыштоўваюць, дзе надумаецца: на вуліцы, на запраўцы і нават сям’ю забралі з санаторыя за 5 дзен да заканчэння пуцёўкі.
Беларускае Радыё Рацыя