На акцыі ў Вільні патрабавалі закрыць неба над Украінай



У Вільні падтрымалі заклік Зяленскага і патрабавалі закрыць неба над Украінай. У акцыі, што праходзіла на Катэдральнай плошчы, сабралася амаль сотня чалавек. Украінка Вольга Пракапенка трымала ў руках цацачны самалёт у жоўта-блакітных колерах:

– Мы вельмі хочам, каб над Украінай закрылі неба, так як расейскія войскі страляюць па нашым мірным насельніцтве і забіваюць нашых дзяцей. Яны нават разбіваюць гуманітарныя калідоры, яны парушаюць усе міжнародныя канвенцыі, міжнароднае гуманітарнае права таксама парушаюць. З імі нельга весці ніякую дыпламатычную размову, нам патрэбна закрыць неба, сухапутна мы іх пераможам.

Удзельнікі віленскай акцыі — галоўным чынам беларусы:

– Я звяртаюся да Еўракамісіі, я звартаюся да лідараў ЗША, закрыйце неба над Украінай, толькі тады прыпыніцца бамбаванне. Бо столькі людзей ужо загінула, няўжо мала?

Раней Уладзімір Зяленскі выступаў з патрабаваннем да Захада закрыць неба над Украінай, каб пазбегнуць бамбардзіровак расейскімі войскамі мірных жыхароў. Напярэдадні ён заявіў: «Якщо у вас немає сил закрити небо, дайте мені літаки».

Беларускае Радыё Рацыя