На актывіста Анатоля Мышкевіча склалі чарговы пратакол
Амаль два месяцы спатрэбілася супрацоўнікам Ленінскага РАУС Гародні, каб перапісаць пратакол і выклікаць актывіста Анатоля Мышкевіча ў РАУС за акцыю 16 верасня.
Імправізаваная акцыя была праведзена ў цэнтры горада – на сцяне аднаго з дамоў з’явіўся плакат са здымкамі зніклых палітыкаў: Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага:
– Патэлефанавалі супрацоўнікі міліцыі Ленінскага РАУС, папрасілі прыехаць да іх, каб распісацца ў атрыманні пратакола за акцыю 16-га верасня. Яны прыязджалі да мяне дахаты, але мяне не было дома. Я ездзіў у міліцыю, ніякіх тлумачэнняў у гэты раз не даваў, бо не лічу патрэбным гэта рабіць. Злачынства ніякага не здзяйсняў. Па сутнасці, сам артыкул 23.34 злачынны і парушае канстытуцыйныя правы ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь.
Супрацоўнікі міліцыі вярнулі Анатолю Мышкевічу планшэт, які быў забраны 22-га верасня ў межах гэтай жа справы ў яго дома. Актывіст чакае позвы ў суд.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня