На Алімпіядзе выступіць зборная ўцекачоў
Каманда ўцекачоў прыме ўдзел у летніх Алімпійскіх гульнях 2016 года ў Рыа-дэ-Жанейра. Пра гэта са спасылкай на прэзідэнта Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Томаса Баха паведамляе The Guardian. Рэзалюцыя МАК знайшла падтрымку ў 180 з 193 членаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
«Алімпіяда – час талерантнасці, салідарнасці і міру. МАК вырашыў запрасіць высокакваліфікаваных спартоўцаў-уцекачоў ўдзельнічаць у Гульнях у Рыа-дэ-Жанейра. Мы хочам накіраваць пасланне падтрымкі і надзеі ўцекачам, каб звярнуць увагу ўсяго свету на праблемы і лёсы 60 мільёнаў уцекачоў», – патлумачыў рашэнне Бах.
У канцы снежня 2015 г Міжнародная арганізацыя па міграцыі апублікавала дадзеныя, паводле якіх за мінулы год у Еўропу прыехалі звыш аднаго мільёна мігрантаў. Больш за 800 тысяч чалавек прыбыло праз Грэцыю і Турцыю – сярод іх 455 000 сірыйцаў і 186 тысяч афганцаў.
Таксама ў снежні МАК заявіў пра гатоўнасць дапамагчы тром уцекачам з Сірыі, Конга і Ірана ў падрыхтоўцы да Гульняў-2016. У верасні Алімпійскі камітэт арганізаваў фонд дапамогі ўцекачам – прадстаўнікам 17 нацыянальных алімпійскіх камітэтаў, бюджэт якога склаў два мільёны даляраў.
Алімпійскія гульні ў Рыа-дэ-Жанейра пройдуць з 5 па 21 жніўня 2016 года.