На Альманскіх балотах знайшлі нелегальныя кар’еры



Столінскі раённы аддзел Следчага камітэту працягвае расследаванне крымінальнай справы аб незаконных кар’ерах на Альманскіх балотах. Некаторыя кар’еры ў Вільенскім лясніцтве “Палескага лясгасу” былі зробленыя без дазволу.

А нядаўна спецыялісты з “Аховы птушак Бацькаўшчыны” выявілі новыя, меркавана незаконныя кар’еры. Чаму біятопам на Альманскіх балотах нанесена шкода, кажа дырэктар “Аховы птушак Бацькаўшчыны” Аляксандр Вінчэўскі.

– Кар’ер сам па сабе можа нікому не перашкаджаць. Але тое, што будуецца дарога, дзякуючы гэтаму кар’еру, а дарогі ў лесе – гэта заўсёды больш людзей, браканьераў, проста непакой для жывёл. Калі дарогу № 3 там будавалі, то кар’еры зрабілі ў ледніковых дзюнах, і на дзюнах былі знішчаны папуляцыі нагалаваткі – расліны, якая ў Беларусі не мае ахоўнага статусу, але ахоўваецца Бернскай канвенцыяй.

У сваёй справаздачы з Альманскіх балотаў спецыялісты паведамілі, што знайшлі не меней за 8 новых кар’ераў, верагодна, зробленых незаконна. Агульная плошча звыш 10 гектараў.

Цалкам матэрыял слухайце щ далучаным гукавым файле:

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота „Аховы птушак Бацькаўшчыны”