На Аляксея Туровіча склалі пяць пратаколаў за Курапаты



Кінарэжысёр Аляксей Туровіч – адзін з найбольш зацятых абаронцаў Курапатаў і праціўнікаў працы побач з мемарыялам забаўляльнай установы “Поедем поедим”. Рэжысёр спасылаецца на дакументы і падазрае, што пры пабудове комплекса было здзейснена карупцыйнае злачынства.

На Аляксея Туровіча аўтаінспектарамі складзены пяць пратаколаў, але ён заяўляе, што не сыдзе з месца сваёй варты, пакуль рэстарацыя не зачыніцца:

– Мяне затрымлівалі тры дні таму, завезлі ў Бараўлянскі аддзел міліцыі, там склалі тры пратаколы і тут яшчэ два – усяго пяць. Зараз яшчэ адзін пратакол складаецца. Гэта робіцца свядома, каб запужаць наш народ, а мы стаялі і будзем стаяць насмерць. Мы не прапусцім ніводнай машыны, тут і так мала кліентаў, бо рэстарацыю пабудавалі на касцях. Яшчэ ў 2013 годзе было прадпісанне Генеральнай пракуратуры, што рэстарацыю пабудавалі ў недазволеным месцы, яна незаконна тут стаіць.

18-га чэрвеня Аляксей Туровіч і іншыя актывісты не прапусцілі на тэрыторыю забаўляльнага комплексу некалькі аўтамабіляў, у тым ліку і машыну дырэктаркі ўстановы, якая выклікала на абаронцаў Курапат дзяржаўтаінспекцыю. Дзеянні актывістаў прыносяць плён – у рэстарацыю вельмі рэдка спрабуюць заехаць наведнікі.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск