На арганізатараў навучання праграмаванню па-беларуску завялі крымінальную справу
На арганізатараў навучання праграмаванню на беларускай мове пачата крымінальная справа. Улады падазраюць іх у прадпрымальніцкай дзейнасці з атрыманнем прыбытку ў асабліва буйных памерах. Як паведаміў сайт Каміэта дзяржкантролю, у Менску спынена дзейнасць нелегальнага філіяла ўкраінскай ВНУ. Аднак у інтэрв’ю Беларускаму Радыё Рацыя дырэктар „Інстытута матэматыкі і кібернетыкі” Павел Бука, адзін з арганізатараў навучання праграмаванню на беларускай мове, не пагадзіўся з такой трактоўкай:
– Ніякай прадпрымальніцкай дзейнасці не было. Ніякай незаконнай дзейнасці не было. І, натуральна, ніякія філіялы замежных універсітэтаў у Беларусі не ствараліся. Студэнты наўпрост вучыліся ў замежным універсітэце, дзе „Беларускі ўніверсітэт матэматыкі і кібернетыкі” дамовіўся з замежным універсітэтам пра адкрыццё беларускай плыні. Студэнты-беларусы паступалі на беларускамоўную плынь, вучыліся на праграмістаў, але адбывалася гэта ўсё цалкам у замежным універсітэце, на тэрыторыі іншай дзяржавы і па заканадаўстве гэтай дзяржавы.
РР: Але ў мінулым годзе былі вобшукі і нават затрыманні.
Павел Бука: Вобшукі і затрыманні былі. Але крымінальнай спрвы не было. Мы растлумачылі, як мы дзейнічалі. І Камітэт Дзяржкантролю ўбачыў, што затрымліваць няма за што. Яны пачалі доўгую праверку, якая праз год вылілася ў нейкае паведамленне, але на бягучы момант ніводнаму з маіх калег нічога афіцыйна не паведамлена пра пачатак крымінальнай справы. Што ўвогуле дзіўна і незвычайна, таму што яны павінны паведамляць адразу.
Увесь адукацыйны працэс вынесены ва Украіну. У Беларусі ёсць толькі бясплатныя лекцыі, кансультацыі, семінары. Студэнты навучаюцца ў замежным універсітэце. Гэта абсалютна законна. У Беларусі за мяжой навучаецца да 10 тысяч завочнікаў.
РР: Як вы будзеце выходзіць з гэтай складанай сітуацыі?
Павел Бука: Нам афіцыйна нікому не прад’яўлены абвінавачванні. Мы зараз разбіраемся, вывучаем справы, наколькі гэта можна. Таму што справы ж не раскрываюцца. Мы пашыраем інфармацыю па гэтай сітуацыі, каб мець як мага шырэйшую грамадскую падтрымку. І не толькі нас персанальна, а менавіта ідэі развіцця беларускамоўнага праграмавання і беларускамоўнага ІТ у Беларусі.
Мы не супраць іншых моў. Мы – за беларускую. Яна абсалютна неабходная ў нашых умовах. Яна дае вялізны патэнцыял, стварае вялізныя пераваагі для нас, для краіны, для нацыі.
РР: Нядаўна Лукашэнка падпісаў указ, які пашырае правы і магчымасці ІТ-шнікаў.
Павел Бука: Вельмі прыкра, што якраз у месяц увядзення гэтага ўказа пачынаюцца рэпрэсіі ў дачыненні да беларускіх ІТ-шнікаў. Атрымліваецца так: з аднаго боку, дзяржава хоча будаваць ІТ-эканоміку, але, з другога боку, некаторыя чыноўнікі актыўна яе падрываюць.
„Зразумела, што пачатак крымінальнай справы выклікаў адмоўную рэакцыю ў нашых замежных партнёраў з Польшчы, Чэхіі, Францыі, Швейцарыі, з кім мы ўжо супрацоўнічаем. Але і астатніх гэта расчароўвае”, – сказаў Павел Бука.
Гутарыў Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.
Фота ccp-consult.com