На атрыманне знака імя Віктара Івашкевіча намінаваныя сем чалавек
На атрыманне чацвёртага памятнага знака імя Віктара Івашкевіча, якім Партыя БНФ узнагароджвае арганізатараў найбольш значных і гучных вулічных акцый, намінаваныя сем чалавек, паведамілі ў прэс-службе партыі.
Узнагароджанне традыцыйна прымеркаванае да гадавіны абвяшчэння Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце 27 ліпеня.
На атрыманне знака імя Івашкевіча за перыяд з 27 ліпеня 2016 года па 27 ліпеня 2017-га намінаваныя лідары вулічных пратэстаў супраць сацыяльна-эканамічнай палітыкі ўладаў і дэкрэта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” Ігар Казмерчак і Вадзім Саранчукоў, якія ўзначалілі сакавіцкія акцыі ў Оршы і Гародні адпаведна.
У спіс намінантаў ўключаныя палітык Алесь Лагвінец — за „музычны пікет” у Менску з удзелам Лявона Вольскага на леташніх парламенцкіх выбарах, а таксама апазіцыйны актывіст Зміцер Дашкевіч — за арганізацыю збору подпісаў у межах кампаніі па наданні бел-чырвона-беламу сцягу статусу нацыянальнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.
У лік прэтэндэнтаў на атрыманне памятнага знака таксама ўключаныя ўдзельніца апазіцыйных мітынгаў Ніна Багінская, затрыманы ў Дзень Волі ў Мінску паэт Ян Грыб і абаронца Курапатаў „маладафронтавец” Сяргей Пальчэўскі.
Знак быў заснаваны Партыяй БНФ у студзені 2014 года ў памяць пра вядомага апазіцыйнага палітыка Віктара Івашкевіча, які памёр на 55-м годзе жыцця ў кастрычніку 2013 года пасля цяжкай і працяглай хваробы. Знакам узнагароджваюць асоб, групы асоб ці арганізацыі, якія былі ініцыятарамі або арганізатарамі найбольш значных масавых акцый, у тым ліку мітынгаў, дэманстрацый, пікетаў, шэсцяў, аўта- або велапрабегаў.
Крытэрыямі для ўручэння знака з’яўляюцца актуальнасць акцыі і яе адпаведнасць нацыянальна-дэмакратычным прынцыпам і праграме Партыі БНФ, крэатыўнасць і творчы падыход пры яе планаванні і правядзенні, грамадскі рэзананс і масавасць акцыі, яе ўплыў на грамадства.
У мінулыя гады знакам былі ўзнагароджаныя лідар маладзёжнай ініцыятывы „Альтэрнатыва” Алег Корбан, рэжысёр і грамадская актывістка Вольга Нікалайчык і адзін з лідараў не зарэгістраванага ў Беларусі „Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч.
belapan.by