На бацькоў абаронцы дубоў аказваецца ціск
Па інфармацыі пінскіх праваабаронцаў, на бацькоў Аляксандра Дземчука, які адбывае трыцацці суткавы арышт за спробу абараніць старажытныя дубы ў вёсцы Ахова, аказваецца ціск. Перадусім сваякоў запужваюць тым, што кантакты з грамадскай супольнасцю толькі нашкодзяць. Таксама па папярэдніх звестках, Дземчука ўжо звольнілі з пасады дырэктара Ахоўскага Дома культуры.
“Такім людзям у дзяржаўных структурах няма месца”, – гаворыць грамадская дзяячка Вераніка Іванова:
– Упэўнена, што праца для яго ў дзяржсектары закрыта, з гэтага моманту ён будзе непажаданы чалавек. І пры ўладзе, якая цяпер існуе, нават магчымасцяў мінімальнай кар’еры для яго не будзе. Я мяркую, што зараз ён будзе знаходзіцца пад уплывам сілавікоў на ўсе сферы яго жыцця. Думаю, што яго будуць максімальна выціскаць з краіны, таму што такія прэцэдэнты для нашай выканаўчай улады вельмі нязручныя.
Напрацягу мінулага года Дземчук з вяскоўцамі-аднадумцамі дабіваўся захавання 300-гадовых дубоў на ахоўскіх могілках. Іх прызналі надзвычай аварыйнымі, і мясцовыя ўлады прынялі рашэнне зрэзаць дрэвы. 22 снежня, калі справа дайшла да ліквідацыі, Дземчук паспрабаваў перашкодзіць камунальнікам, за што і быў затрыманы міліцыянтамі.
Беларускае Радыё Рацыя