На БелАЭС праводзіцца комплексны маніторынг навакольнага асяроддзя



Комплексная праграма назіранняў за радыяцыйнымі характарыстыкамі навакольнага асяроддзя выконваецца на Беларускай АЭС. Пра гэта паведаміў сёння, 15 красавіка, у час круглага стала ў прэс-цэнтры БЕЛТА начальнік службы радыяцыйнага маніторынгу Белгідрамета Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаіл Каваленка.

«З 2016 года мы займаемся арганізацыяй сеткі пунктаў назіранняў у раёне размяшчэння БелАЭС. Работы на пунктах ужо вядуцца, мы атрымліваем на іх даныя, ад якіх будзем адштурхоўвацца пры аналізе ўплыву атамнай электрастанцыі на навакольнае асяроддзе, – сказаў начальнік службы. – У далейшым, калі лабараторыя радыяцыйнага кантролю навакольнага асяроддзя БелАЭС пачне сваю работу, менавіта яна прадоўжыць выконваць праграму комплекснага экалагічнага маніторынгу ў зоне назірання АЭС. За Мінпрыроды застанецца толькі выкананне кантралюючых функцый з дапамогай правядзення назіранняў на пунктах нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя».

У раёне БелАЭС з 2017 года функцыянуе аўтаматызаваная сістэма кантролю радыяцыйнай абстаноўкі Мінпрыроды, якая складаецца з 10 пунктаў вымярэння, размешчаных як у зоне назірання АЭС, так і за зонай. У бліжэйшы час у зоне назірання будуць уведзены ў эксплуатацыю яшчэ 10 аўтаматычных пунктаў вымярэння, якія належаць непасрэдна БелАЭС.

Перыядычнасць назіранняў будзе вызначацца рэгламентам. «На нашых пунктах маніторынгу адбор проб паверхневых вод ажыццяўляецца 5 разоў у год, глебы – штогод, адборы проб атмасфернага паветра праводзяцца штодзень. Аўтаматызаваная сістэма кантролю радыяцыйнай абстаноўкі вымярае магутнасці дозы гама-выпрамянення штохвілінна і кожныя 10 хвілін перадае нам гэтыя даныя. У рэжыме рэальнага часу гэта інфармацыя перадаецца і калегам у МНС», – расказаў начальнік службы.

Намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце ДНУ «Аб’яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў – Сосны» НАН Беларусі Аляксандр Трыфанаў паведаміў, што іх інстытутам таксама будзе праводзіцца маніторынг па ўсіх напрамках. «Гэты маніторынг будзе ажыццяўляцца штогод, а ў канцы года будзе выпускацца справаздача, якую размесцяць у агульнай даступнасці», – адзначыў ён.

Таксама Аляксандр Трыфанаў расказаў, што спецыялістамі інстытута былі прааналізаваны розныя выпадкі аварый. «Асноўная прычына аварый – чалавечы фактар. У праекце Беларускай АЭС істотна зніжаны ўплыў чалавечага фактару. Калі станцыя выходзіць на аварыйны рэжым, сістэмы дзейнічаюць такім чынам, каб аператар не мог умешвацца ў работу станцыі прыкладна 30 хвілін, гэта значыць, ён не можа за гэты час прыняць памылковыя рашэнні. Гэта вельмі важна. Таму і ўдалося дасягнуць высокіх паказчыкаў бяспекі БелАЭС», – падкрэсліў эксперт.

БелТА