На беларуска-латвійскай мяжы затрыманая група нелегалаў з Манголіі
Як паведаміў Дзяржаўны пагранічны камітэт, вечарам 21 жніўня ў населеным пункце Чурылава Верхнядзвінскага раёна ў памежнай паласе нарад згодна з аператыўнай інфармацыяй затрымаў пяцярых грамадзян Манголіі. Замежнікі спрабавалі парушыць дзяржаўную мяжу, перайшоўшы з Беларусі ў Латвію. З выхадцамі з Усходняй Азіі вядзецца разбор для высвятлення іх намераў.
У дачыненні да затрыманых распачаты адміністрацыйны працэс за спробу незаконнага перасячэння мяжы і парушэнне памежнага рэжыму (артыкулы 23.29 і 23.30 КоАП). Ім пагражае штраф і дэпартацыя з забаронай уезду ў краіну да пяці гадоў.
belapan.by
