На беларуска-польскай мяжы другі дзень чэргі (абноўлена)



Сітуацыя на мяжы не становіцца лепшай – каментуюць у Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі. Ужо другі дзень запар на беларуска-польскай мяжы ў напрамку Польшчы ўтвараюцца вялізныя чэргі з легкавых аўтамабіляў. Напрыклад, па стане на 14 гадзін перад пунктам пропуску Брузгі-Кузніца скапілася амаль 200 легкавых аўтамабіляў. Прэс-сакратар памежнага камітэту Аляксандр Цішчанка раіць, што рабіць у гэтай сітуацыі:

– Паляпшэння сітуацыі пакуль чакаць цяжка. Адзінае, што можна параіць, гэта ўсё ж выбіраць пункты пропуска не па самаму кароткаму маршруту, а па іх разгружанасці. У гэтым выпадку, берасцейскі накірунак пра трасе М1, калі праехаць на пункты пропуска Пясчатка або Дамачава, то праблем з чэргамі можна пазбегнуць. Яны абсалютна вольныя і гатовыя прымаць транспартныя патокі для афармлення і пропуска.

Паводле Аляксандра Цішчанкі, беларускія службы ў нармальным рэжыме могуць прапускаць аўтамабілі, але праблема ў тым, што польскі бок амаль не прымае машыны. Прэс-сакратар раіць карыстацца інфармацыяй на сайце Дзяржаўнага памежнага камітэту, дзе з’яўляюцца аператыўныя звесткі пра чэргі на мяжы.

* * *

Чэргі на беларуска-польскай мяжы – не змяншаюцца. Другі дзень запар у напрамку выезду з Беларусі ўтвараюцца вялікія чэргі легкавых аўтамабіляў, якія рухаюцца вельмі павольна. Паводле інфармацыі Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, прычына ў тым, што адбыўся збой у працы праграмнага забеспячэння польскай Мытнай службы. Тое, што праблемы ў праграме сапраўды былі, нам пацвердзілі ў Мытнай палаце ў Беластоку. Але, як падкрэслівае прэс-сакратар Мацей Чарнэцкі, гэта ніяк не ўплывала на ўтварэнне чэргаў:

– Калі казаць пра збой праграмнага забеспячэння, то атрымаў інфармацыю, што ўжо ўсё направілі. Але калі нават і трывала тая аварыя, што стварыла праблемы для выканання сваіх абавязкаў у польскіх памежнікаў, рух рпаз мяжу не быў спынены.

Ужо тры гадзіны стаіць у чарзе каля пункта пропуску Брузгі-Кузніца наш рэдакцыйны калега Віктар Сазонаў. Ён кажа, што яшчэ нават не ўехаў на тэрыторыю памежнага пераходу:

– Людзі нервуюцца, гавораць пра тое, што як бы не можа быць такога, каб еўрапейская кампутарная сістэма дала збой. Гэта, напэўна, штосьці робіцца наўмысна. І калі зрух пайшоў, то адразу падляцелі і пачалі гаварыць, відаць, Радыё Рацыя сказала, пачулі і некага прапусцілі. Хоць, безумоўна, гэта хутчэй супадзенне, бо рух быў вельмі малы. Чарга рухаецца вельмі павольна.

Па стане на 12 гадзін у Брузгах у чарзе стаіць 193 легкавыя аўтамабілі, у Бераставіцы – 114, а ў пункце пропуску “Брэст” – 120 машын. Такія звесткі падае Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі.

* * *

На беларуска-польскай мяжы другі дзень запар – вялікія чэргі ў напрамку выезду з Беларусі. Як паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі, па стане на 10 гадзін раніцы ў пункце пропуску Брузгі на выезд чакае 121 легкавы аўтамабіль, у Бераставіцы – 114, таксама 120 аўто стаяць у чарзе ў пункце пропуску “Брэст”. Сярод тых, хто вырашыў сёння з’ездзіць у Польшчу, – наш рэдакцыйны калега Віктар Сазонаў, які спрабуе пераехаць мяжу ў Брузгах і кажа, што ўжо стаіць дзве гадзіны і ніякага руху за гэты час не адбылося:

– Людзі, якія страцілі надзею, што могуць праехаць, развярнуліся і паехалі назад. Але дарога абгароджана з двух бакоў. Стаяць у чарзе, выходзяць, кураць і рагочуць. Чым больш ёсць дамоваў паміж польскімі і беларускімі ўладамі, тым горш людзям. Калі гэтых дамоваў не было, тады кожны стараўся дагадзіць чалавеку. А цяпер паміж сабой яны знайшлі агульную мову, нешта там усё дамаўляюцца, то звычайнаму чалавеку ўвогуле няма ніякага паратунку.

Паводле інфармацыі беларускага боку, чэргі ўзніклі ў сувязі са збоем у працы праграмнага забеспячэння Мытнай службы Польшчы. Хоць польскія мытнікі і пацвердзілі збой у працы сістэмы, але запэўніваюць, што гэта не ўплывае на рух аўтамабіляў праз мяжу.

04.11.  Чэргі з легкавых аўтамабіляў, якія ўтварыліся на беларуска-польскай мяжы, захоўваюцца. На памежных пераходах “Брузгі” і “Бераставіца” ў Гарадзенскай вобласці і на памежным пераходзе “Брэст” на выездзе з Беларусі стаіць каля 120 аўтамабіляў, як паведамляе сайт памежнага камітэта Беларусі.  На памежных пераходах “Пясчатка”, “Казловічы” і “Дамачава” чэргаў няма.

Напярэдадні сітуацыя была яшчэ больш складанай: у “Брузгах” стаяла каля 200 машын, а ў “Бераставіцы” – больш за 120.

Нагадаем, што праблемы з перасячэннем беларуска-польскай мяжы звязаны з тым, што ў польскай памежнай службы адбыўся збой у праграмным забеспячэнні і таму працэдура пропуску зацягваецца. Кіроўцам раяць выкарыстоўваць пункты пропуску, якія на дадзены момант менш  загружаныя.

* * *

Па стане на 8:00 у пункце пропуску «Брузгі» на выезд з Беларусі стаяць 93 легкавыя аўтамабілі, у «Бераставіцы» — 124, паведамляе сайт Памежнага камітэта.

* * *

03.11.  Чэргі аўтамабіляў на беларуска-польскай мяжы паступова змяншаюцца. Гэта вынікае з аператыўных дадзеных Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі. Гэтым вечарам на пункце пропуску „Брузгі” найбольшая колькасьць машынаў  — калі паўтары сотні, з іх 7 — грузавых. У міжнародным аўтадарожным пункце пропуску „Брэст” налічвалася болей за сотню аўтамабіляў, у „Бераставіцы” — каля 40. Чэргі ўтварыліся яшчэ раніцай. Верагоднай прычынай стаў збой у праграмным забеспячэнні польскай мытнай службы.

* * *

Не лепшы дзень для паездкі ў Польшчу. На польска-беларускай мяжы паўсталі вялікія чэргі. Як сцвярджаюць беларускія памежныя службы, на тэрыторыі пунктаў пропуску Брузгі і Бераставіца – вялікая колькасць легкавога транспарту чакае ў чарзе для ўезду на тэрыторыю Польшчы ўжо пасля праходжання ўсіх відаў кантролю. Узнікненне чэргаў беларускі бок звязвае з перабоямі ў праграмным забеспячэнні мытнай службы Польшчы. Гэтую інфармацыю падцвердзіў прэс-сакратар Мытнай палаты ў Беластоку Мацей Чарнецкі, але адзначыў, што гэта не магло стаць прычынай утварэння такіх чэргаў на мяжы:

– Калі казаць пра памежныя пераходы ў Падляшскім ваяводстве і грузавы рух праз іх, то ў Полаўцах і Баброўніках не даводзіцца чакаць, каб перасекчы мяжу. У Кузніцы трэба чакаць 1 гадзіну. Калі ж казаць пра легкавы рух, то ў Кузніцы сярэдні час знаходжання на польскім баку мяжы аўтамабіля, які накіроўваецца ў Польшчу, складае каля 20 хвілін. Цягам некалькіх дзён ёсць праблемы з сістэмай, з дапамогай якой праводзіцца транзітнае афармленне. Працуем у аварыйных умовах, але гэта практычна неадчувальна для кіроўцаў, якія перасякаюць нашую мяжу.

Паводле інфармацыі з сайта Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі, чарга ў Брузгах складае цяпер каля 200 машын, а ў Бераставіцы – каля 100.  Калі маеце намер у бліжэйшы час выехаць з Беларусі ў Польшчу праз названыя пункты пропуску, Дзяржаўны памежны камітэт просіць улічваць гэтую інфармацыю.

* * *

На беларуска-польскай мяжы сёння, 3 лістапада, утварыліся вялікія чэргі з легкавых аўтамабіляў на выезд у Польшчу. Як інфармуе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта, на 12 гадзін дня ў пункце пропуску „Брузгі” ў чарзе стаяць каля 200 легкавікоў, у пункце пропуску „Бераставіца” — больш за 100 аўтамабіляў.  У пункце пропуску “Брэст” – 200 аўто.

czargi_miaza

Паведамляецца, што праблемы ўзніклі ў польскіх мытнікаў — у іх перабоі ў праграмным забеспячэнні.

Беларускае Радыё Рацыя