На беларускай мяжы – новыя правілы перамяшчэння тавараў



З 14 красавіка ў Беларусі ўведзеныя новыя правілы ўвозу тавараў для асабістага карыстання. Абмежаванне – гэта кошт тавара 300 еўра або вага 20 кілаграмаў. За перавышэнне нормаў давядзецца плаціць не толькі мытную пошліну, але і падатак на дададзеную вартасць. Але толькі ў тым выпадку, калі асоба перасякае мяжу часцей, чым раз на тры месяцы. Будуць улічвацца і тавары, набытыя ў крамах бяспошліннага гандлю. Праўда, існуе шэраг выключэнняў, якія агучыў у час прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту Уладзімір Арлоўскі:

– Выключэннем з’яўляюцца тавары, прывезеныя паветраным транспартам; таксама тавары, якія былі вывезеныя раней і ўвозяцца фізічнымі асобамі зваротна; тавары, якія ўвозяцца супрацоўнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў, консульскіх устаноў і іншых міжнародных арганізацый; атрыманыя ў спадчыну, і якія ўвозяцца пры перасяленні на сталае месца жыхарства ў Рэспубліку Беларусь.

Перад пачаткам дзеяння новых лімітаў на ўвоз тавараў у Беларусь, на мяжы ў польскім і літоўскім кірунках  вялікага ажыятажу не назіралася. Хоць можна было адзначыць пэўнае павелічэнне руху аўтамабіляў,  – распавёў нашаму радыё кіраўнік прэс-службы Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Аляксандр Цішчанка:

– У апошні тыдзень быў дастаткова актыўны рух асабліва на польскім кірунку. Бо, верагодна, з таго боку вязуць больш тэхнікі. Таму перыядычны ўсплёск узнікаў на Бераставіцы і Берасці. Там быў большы транспартны паток.

Адзначым, што з 14 красавіка ў Беларусі пачалі кругласутачна працаваць кол-цэнтры  па новых правілах увозу тавараў для асабістага карыстання. Нумары тэлефонаў змешчаныя на афіцыйных сайтах Дзяржаўнага мытнага камітэта і мытняў.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя