На беларускіх метэастанцыях абнавіліся шэсць тэмпературных рэкордаў



Шэсць тэмпературных рэкордаў зафіксаваныя на беларускіх метэастанцыях 11 і 13 красавіка, сведчыць праведзены БелаПАН параўнальны аналіз аператыўных і архіўных дадзеных Белгідрамета на рэсурсе meteoinfo.by.

Дзякуючы вельмі цёпламу надвор’ю 11 красавіка абнавіліся максімумы ў Докшыцах — плюс 18,9 градуса (было 18,5 у 2015 годзе), Лынтупах — 19,2 (18,7 у 2015-м), Ашмянах — 19,6 (18,6 тады ж) і Сянно — 20 (17,7 у 1977-м). Паўтарыліся экстрэмумы ў Бярэзінскім запаведніку (19,8 у 2015 годзе) і Валожыне (19,5 тады ж).

13 красавіка не ўтрымаліся рэкорды ў Верхнядзвінску — 20,2 (19,3 у 1991 годзе) і Докшыцах — 20,6 (19 у тым жа годзе). Пры гэтым з-за атмасферных франтоў на захадзе і ўсходзе і сонечнага надвор’я ў цэнтры (па лініі поўнач — поўдзень) адзначаліся вялікія кантрасты тэмператур. Калі на ўсходзе Брэсцкай вобласці было вышэй за 20 градусаў (21,4 у Пінску), то на захадзе — усяго 6-7 (5,7 у Высокім). Падобная карціна назіралася ў Гродзенскай вобласці: ад 5,4 градуса вышэй за нуль у абласным цэнтры да 14,6 у Навагрудку.

14 красавіка будзе ад плюс 4 на захадзе да 17 градусаў на паўднёвым усходзе, прагназуе Белгідрамет.