На БелАЗе абясшкоджаная злачынная групоўка



ГУБЭЗ МУС спыніла на ААТ „БелАЗ” дзейнасць злачыннай групы, што на працягу доўгага часу выкрадала таварна-матэрыяльныя каштоўнасці ў асабліва буйным памеры.

У дачыненні да былых работнікаў завода і дзейных службовых асоб упраўленне Следчага камітэта па Менскай вобласці распачало шэраг крымінальных спраў, паведаміла 5 лютага прэс-служба МУС.

ГУБЭЗ правяло аналіз ценявога рынку рэалізацыі запасных частак, вузлоў і агрэгатаў да аўтамабільнай і кар’ернай тэхнікі, які дзейнічае на тэрыторыі Беларусі і Расеі. Згодна з аператыўнымі звесткамі МУС, агульныя ценявыя абароты ад рэалізацыі выкрадзеных запчастак вытворчасці ААТ „БелАЗ” складаюць да 1 млн. долараў ЗША ў год.

З пачатку 2015 года „праведзеная велізарная карпатлівая праца” па праверцы аператыўнай інфармацыі аб крадзяжах таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, што ўчыняюцца на прадпрыемстве.

Аператыўнікі выявілі злачынную схему крадзяжу камплектавальных, запчастак да аўтамабільнай і кар’ернай тэхніцы, устанавілі каналы збыту і легалізацыі выкрадзеных таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў з выкарыстаннем фіктыўных дакументаў.

На заводзе дзейнічала арганізаваная злачынная група, у склад якой уваходзілі былыя і дзейныя работнікі ААТ, у тым ліку асобы, абавязкам якіх з’яўлялася забеспячэнне захаванасці ТМЦ і іх улік. Паміж удзельнікамі групы былі дакладна размеркаваныя ролі: адны з выкарыстаннем пад’ёмных механізмаў ажыццяўлялі падрыхтоўку і пагрузку запчастак (асобныя вагой больш за 800 кг), іншыя з выкарыстаннем арандаванага грузавога аўтатранспарту вывозілі выкрадзенае з ахоўнай тэрыторыі, трэція забяспечвалі бесперашкоднае і свабоднае перасоўванне грузу, доступ на тэрыторыю завода пабочных асоб і грузавой тэхнікі.

Была створаная група аховы, якая выстаўляла пасты з відэаназіраннем на адлегласці да некалькіх кіламетраў. Працавалі зламыснікі выключна ў начны час выхаднога дня, для сувязі выкарыстоўвалі радыёстанцыі і мабільныя тэлефоны са зменнымі сім-картамі.

Выкрадзеную маёмасць яны вывозілі ў загадзя падрыхтаваныя часовыя склады — „адстойнікі”, размешчаныя на падворку прыватнага дома адной з вёсак непадалёк ад Жодзіна, адкуль па фіктыўных дакументах збывалі ў Расею.

Першую аперацыю па затрыманні найбольш актыўных удзельнікаў злачыннай групы супрацоўнікі ГУБЭЗ МУС правялі пры падтрымцы спецпадраздзялення „Алмаз” у лістападзе 2015 года. У момант разгрузкі ў „адстойніку” на месцы злачынства затрымалі шасцярых выкрадальнікаў дэталяў. Злачынцы „аказалі тады актыўны супраціў, дзейнічалі дзёрзка”. Кінуўшы груз больш як на 600 млн. рублёў, яны спрабавалі уцячы на аўтамабілі „БМВ Х5”, які іх суправаджаў, пратараніўшы міліцэйскі транспарт. Для спынення транспартнага сродку і затрымання злачынцаў выкарыстоўвалася зброя.

Крыху пазней затрымалі яшчэ аднаго ўдзельніка злачыннай групы, а „літаральна днямі” затрыманыя яшчэ двое падазроных — работнікі БелАЗа.

Упраўленнем СК па Менскай вобласці на падставе аналізу матэрыялаў праверкі, праведзенай супрацоўнікамі ГУБЭЗ МУС, прынятае рашэнне аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да групы асоб, што выкрадалі маёмасць ААТ „БелАЗ”. Іх дзеянні кваліфікаваныя следствам на падставе ч. 4 арт. 205 Крымінальнага кодэкса (крадзеж, учынены групай асоб, у асабліва буйным памеры).

Фігурантамі крымінальнай справы з’яўляюцца дзевяць чалавек. Семярым падазроным выстаўленае абвінавачанне, у дачыненні да іх прымененая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Астатнія знаходзяцца ў статусе падазроных.

Выкрадзеная прадукцыя выяўленая і вернутая прадпрыемству.

Зараз спецыялісты праводзяць інвентарызацыю, вынікі якой будуць далучаныя да матэрыялаў крымінальнай справы. Следства вывучае дакументацыю, якая тычыцца механізму ўліку і кантролю руху дэталяў на прадпрыемстве.

Падчас вобыскаў канфіскаваныя мабільныя тэлефоны з рознымі сім-картамі, транспартны сродак і іншыя рэчавыя доказы, якія выкарыстоўваліся пры ажыццяўленні супрацьпраўнай дзейнасці. Прызначаны шэраг крыміналістычных экспертыз. На маёмасць падследных накладзены арышт. Расследаванне працягваецца.

За апошнія гады на прадпрыемстве праведзеныя шэраг інвентарызацый, выяўленыя нязначныя сумы нястачы, а ўжо пасля ініцыявання ГУБЭЗ МУС новых праверак рэвізоры на пачатковым этапе выявілі 1,5 млрд. рублёў шкоды, нанесенай прадпрыемству. Паводле інфармацыі ГУБЭЗ, канчатковая сума шкоды „можа быць у разы вышэйшай”.

Акрамя таго, адначасова з распрацоўкай гэтай злачыннай групы супрацоўнікі ГУБЭЗ МУС сумесна з рэвізорамі Камітэта дзяржкантролю праводзілі комплекс праверачных мерапрыемстваў у дачыненні да службовых асоб ААТ „БелАЗ-Сэрвіс” — структурнага падраздзялення холдынга ААТ „БелАЗ”.

Устаноўлена, што дырэктар ААТ „БелАЗ-Сэрвіс”, дзейнічаючы з асабістай зацікаўленасці, арганізаваў камерцыйную дзейнасць афіляваных структур, дзе работнікамі з’яўляліся яго сваякі і блізкія сябры. На працягу двух апошніх гадоў падазроны, выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы, без правядзення ўстаноўленай канкурэнтнай працэдуры закупкі, „па відавочна завышаных цэнах” арганізаваў закупку, рамонт і пастаўку запасных частак да кар’ернай тэхнікі за кошт уласных сродкаў ААТ праз камерцыйныя структуры.

У выніку неправамерных дзеянняў службовай асобы прадпрыемству нанесены ўрон амаль на 1 млрд. рублёў. У адносінах да кіраўніка ААТ „БелАЗ-Сэрвіс” за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі распачатая справа на падставе ч. 3 арт. 424 КК. Падазроны адхілены ад пасады.

За крадзеж у асабліва буйным памеры, учынены ў складзе арганізаванай групы, прадугледжанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ад 3 да 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасці, а за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі — у выглядзе пазбаўлення волі ад 3 да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займацца пэўнай дзейнасцю.

belapan.by