На Берасцейшчыне абмеркавалі праблему гандлю людзьмі
Круглы стол на тэму супрацьдзеяння гандлю людзьмі адбыўся ў горадзе Бяроза Берасцейскай вобласці. Яго арганізатарамі выступілі прадстаўнікі грамадскай арганізацыі “Клуб дзелавых жанчын”. Сустрэча прайшла ў рамках праекту “Умацаванне нацыянальнага механізму перанакіравання ахвяраў гандлю людзьмі па Берасцейскай вобласці”.
Спецыяліст аб’яднання, адная з арганізатараў мерапрыемства Наталля Здольнік распавяла пра актуальнасць правядзення такой сустрэчы ў рэгіёне:
– Мэта гэтага мерапрыемства – наладзіць узаемадзеянне паміж прадстаўнікамі сельскіх выканкамаў, райвыканкамаў, сельскіх пасялковых саветаў для таго, каб людзі больш даведаліся пра праблему гандлю людзьмі, пра шляхі яе вырашэння і пра тую дапамогу, якую можа аказаць “Клуб дзелавых жанчын” тым, хто пацярпеў ад гандлю людзьмі.
Круглыя сталы на тэму гандлю людзьмі ўжо адбылісь у Камянцы, Жабінцы, Пружанах, Маларыце і ў Берасці.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота lpravda.com