На Берасцейшчыне аб’яўлена аперацыя “Пешаход” (абноўлена)
На Берасцейшчыне супрацоўнікі дзяржаўнай аўтаінспекцыі ўзмацняюць кантроль і маніторынг на дарозе. Нягледзячы на аб’яўленую ў вобласці аперацыю “Пешаход”, за чатыры дні здарылася 7 ДТЗ з удзелам пешаходаў, у вынку якіх 1 грамадзянін загінуў, а 6 атрымалі цяжкія траўмы.
Прааналізаваўшы здарэнні, супрацоўнікі ДАІ адзначылі, што 4 пешаходы знаходзіліся ў моцным алкагольным ап’яненні ды рухаліся па дарозе, а яшчэ 2 – перасякалі дарогу ў нявызначаным месцы і толькі 1 пешаход стаў ахвярай кіроўцы.
“Грамадзяне проста спадзяюцца, што гэтага з імі не здарыцца”, – кажа інструктар пінскага ДАІ Кацярына Аўсянік:
– Мы праводзім прафілактычныя мерапрыемствы ў найбольш аварыйна небяспечных месцах. Пасажырапаток вырас, а дарогі засталіся ранейшымі. І людзі па-ранейшаму спадзяюцца – прабягу і нічога дрэннага не здарыцца. У залежнасці ад сітуацыі адных парушальнікаў мы штрафуем, з іншымі – праводзім прафілактычныя размовы.
Яшчэ адная з праблем на дарозе – гэта нежаданне саступаць, хоць пад гэта ДАІ распрацавала і ажыццяўляе агульнабеларускую праграму “Паразуменне”. Некаторыя пешаходы з агрэсіяй ставяцца да кіроўцаў, лічачы, што яны павінны саступаць, і наадварот.
* * *
Пешаходы ўсё часцей пераходзяць дарогу ў невызначаных месцах ды паводзяць сябе бяспечна. З-за гэтага ўзрастае колькасць аварыйных сітуацый, адзначаюць у Берасцейскім абласным упраўленні дзяржаўнай аўтаінспекцыі.
Каб навесці парадак, на Берасцейшчыне аб’яўлена аперацыя “Пешаход”. Сярод парушальнікаў – людзі сталага веку, якія наадварот павінны паказваць маладзёнам прыклад, адзначае інспектар ДАІ Аляксей Кавальчук:
– Шмат правапарушэнняў здзяйсняецца людзьмі сталага веку. Парушаюць правілы і непаўнагадовыя. Пэўная праца ў гэтым кірунку намі будзе праводзіцца. Гэтыя аперацыі не аднаразовыя, мы іх праводзім рэгулярна.
На дарогаг Берасцейшчыны ўжо зарэгістравана 138 ДТЗ з удзелам пешаходаў, 28 грамадзян загінула, з якіх 20 – па ўласнай віне.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя