На Берасцейшчыне акцыі пратэсту прайшлі ў большасці гарадаў
Берасце, Кобрынь, Пінск, Баранавічы, Белаазёрск — і гэта далёка не поўны спіс гарадоў, дзе выйшлі на пратэсты выбаршчыкі, што не згодныя з афіцыйнымі вынікамі галасавання ці проста тыя, хто хоча адстаяць свае галасы.
Самая цікавая сітуацыя назіралася ў Пінску. Спачатку некалькі тысяч чалавек прайшліся па цэнтру горада — ад плошчы Леніна да касцёлу, потым — у бок Набярэжнай ды да будынку выканаўчых уладаў. Яны ачапілі чыноўнікаў, старшыня гарадскога выканаўчага камітэту запрасіў на перамовы. Але яны скончыліся нічым. Па папярэдняй інфармацыі, людзі змаглі даць адпор АМАПу. Пра затрыманых пакуль нічога не вядома.
У Берасці людзі сабраліся на цэнтральнай вуліцы Савецкай са сцягамі ды спевамі на перакрыжаванні з вуліцай Будзёнага. Далей натоўп рушыў да Белтэлекама. Каля цэнтральнага ўнівермага сілавікі прымянілі сілу і гвалт. Калона рушыла далей па праспекту Машэрава ды вуліцы Леніна. Дакладна вядома пра затрыманне праваабаронца Рамана Кісляка. Яно адбылося яшчэ апоўдні 9 жніўня на месцы збору пратэстоўцаў супраць акумулятарнага завода.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з тэлеграм-канала „Брест для жизни”