На Берасцейшчыне колькасць палітвязняў дасягнула 278 чалавек



Мінус два, але плюс адзін. На Берасцейшчыне за мінулы тыдзень колькасць палітвязняў дасягнула 278 чалавек. У параўнанні з папярэднім тыднем лічба толькі вырасла.

Да спісу быў дададзены палітвязень Зміцер Семак. Мужчына асуджаны да трох месяцаў арышту, паколькі нібы даў негатыўную ацэнку дзейнасці міністра адукацыі, за што быў пакараны па артыкулу 368 Крымінальнага кодэкса Рэспубікі Беларусь. Дасылаць лісты можна ў СІЗА№7 горада Берасця.

А на волю выйшаў прафесійны арнітолаг, ураджэнец Берасця, кіраўнік арганізацыі „Ахова птушак бацькаўшчыны” з 2007 па 2014 год Віктар Фенчук. Быў асуджаны да 2,5 гадоў калоніі за ўдзел у пратэстах 2020 года.

Таксама цяпер на волі жыхар Берасця Яўген Календа. Быў затрыманы за каментар адносна смерці IT-спецыяліста Андрэя Зельцара. Палітвязень унесены ў спіс тэрарыстаў. Пакаранне адбыў цалкам.

Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя