На Берасцейшчыне нашэсце кляшчоў



Лясныя крывасмокі атакуюць не толькі ў лясной мясцовасці, але і ў зялёных гарадскіх зонах: скверах і парках. Іх ахвярамі за першае паўгоддзе сталі звыш 1,5 тысяч жыхароў вобласці, з якіх 50% – дзеці. Як паказалі даследванні, амаль кожны другі клешч з’яўляецца носьбітам вірусаў. Па словах лекаркі Надзеі Яхімчук, яны могуць выклікаць дзесяткі цяжкіх захворванняў:

„З’яўляецца пераносчыкам не толькі клешчавага энцэфаліту, але і клешчавага барэліёзу, анаплазмозу, ліхаманкі Заходняга Нілу, туляріміі ў тым ліку. І вядома, яшчэ шмат інфекцый якіх мы яшчэ і не ведаем. Так што казюлька гэта небяспечная. Калі ёсць недамаганне, павышэнне тэмпературы, слабасць, то трэба ў кожным выпадку заўсёды звярнуцца ў лячэбную ўстанову, каб не дапусціць нейкае пагаршэнне пасля той ці іншай перанесенай інфекцыі.”

Суразмоўца дадае, што перадусім вірусы, якія перадаюцца праз укусы кляшчоў негатыўна ўплываюць на нэрвовую і сардэчна-сасудзістую сістэму чалавека. Наступствы могуць быць вельмі цяжкія ад інваліднасці да смяротнага выпадку.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя