На Берасцейшчыне назіраецца павелічэнне колькасці хворых на ВІЧ-інфекцыю
Лідзіруе ў сумнай статыстыцы Піншчына. Гэта актуальная праблема, але не такая жахлівая, як у мінулым стагоддзі, бо цяпер ёсць адмысловыя медычныя прэпараты. Яны блакуюць развіццё хваробы, адзначае валанцёрка пінскага кансультацыйнага цэнтру Святлана Аксак:
– Тэрапія – за кошт дзяржаўнага бюджэта і Глабальнага фонда. Антырэтравірусныя прэпараты замаруджваюць развіццё віруса ў арганізме. І тым самым дапамагаюць спыніць развіццё многіх хвароб, у тым ліку апартуністычных інфекцый, палепшыць якасць жыцця ВІЧ-пазітыўных людзей, а таксама прыпыніць развіццё перахода стадыі ВІЧ-інфекцыі ў стадыю СПІДа.
Тэрапія можа дапамагчы тады, калі ВІЧ-інфекцыянаваны тэрмінова зверніцца па дапамогу. Хвароба небяспечная тым, што да 10 год можа не даваць ведаць аб сабе, а пасля рэзка выявіцца ў цяжкай форме.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя