На Берасцейшчыне назіраецца замор рыбы
На рацэ Лясная, што на Берасцейшчыне, назіраецца чарговы замор рыбы.
Жыхар Голага Барка паказвае, дзе плаваюць мёртвыя шчупакі.
Першыя, але выразныя сімптомы гэтага назіраюцца ў вярхоўях ракі, дзе яе берагі асабліва нізкія. Працяглыя ападкі выклікалі значны пад’ём узроўню вады, а цёплае надвор’е спрыяе гніенню берагавой расліннасці.
Паверхня вады ля Вуглян.
Востры недахоп кісларода прымушае рыбу падплываць да паверхні і глытаць паветра. У затоках і ля берагоў ужо можна бачыць мёртвыя асобіны.
Мёртвая рыба ля Голага Барка.
Жыхар вёскі Вугляны Камянецкага раёна Берасцейскай вобласці Іван Іванюковіч заклапочаны сітуацыяй пачынаючы з мінулага тыдня:
– Разумееце, шкада. Рыба маленькая хапае водар, жывое гіне і не могуць нічога зрабіць. Як-ніяк а ў Беларусі ўжо пачалі і ў космас лятаць, і спадарожнікі запускаць, а вось неяк зрабіць, каб жывое не гінула, ніяк не могуць.
У сваім каментары “Зялёнаму парталу” Берасцейскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прызнаў крытычнае падзенне ўзроўню кіслароду ў вярхоўях ракі Лясной.
Рыбакі спяшаюцца лавіць пакуль жывую рыбу. Камянец.
Але наяўнасць мёртвай рыбы камітэт пакуль адмаўляе. Незразумела таксама, ці будуць прынятыя нейкія меры, каб спыніць замор.
Ля Камянца рака таксама смярдзіць.
Паказальна, што экалагічныя катастрофы на рацэ Лясная адбываюцца амаль штогод, але дагэтуль не былі прынятыя меры для іх прафілактыкі.
Ля берага відаць алеепадобную плёнку.
Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя