На Берасцейшчыне – паляванне на актывістаў
У кватэру берасцейскага блогера Дзмітрыя Гарбунова ламіліся міліцыянты. З нагоды нейкага нібы апытання, але дзверы ім Дзмітрый не адчыніў. Яму сказалі, што будуць чакаць, кажа Дзмітрый Гарбуноў:
– Бачыў чатырох. Адна машына стаіць пад вокнамі. Яны там сядзяць, вадзічку п’юць, час ад часу выходзяць. Усе ў цывільным.
На думку Аляксандра Кабанава, які знаходзіцца ў кватэры Гарбунова, хутчэй за ўсё менавіта ён прычына такой варты кватэры Аляксандра Гарбунова:
– Гэта па ўсёй краіне адбываецца. Гэта не толькі я. Зноў пачаліся пагрозы, рэпрэсіі. Гэта проста прэвентыўныя меры, каб мы дзесьці не выйшлі, чагосьці не сказалі, дзесьці ўвогуле не з’явіліся. Такім чынам, мы для сённяшняй улады асацыяльныя элементы, бо не давяраем нашай уладзе, адпаведна мы сталі для яе персонамі нон-грата.
Паводле Аляксандра Кабанава, ён пойдзе на флэшмоб усё роўна. У Берасці заклікаюць прыйсці людзей а 14-ай гадзіне да кінатэатра “Беларусь”, узяць з сабой чыстыя аркушы паперы на знак салідарнасці з рэпрэсаванымі актывістамі і журналістамі.
Беларускае Радыё Рацыя