На Берасцейшчыне павялічылася колькасць злачынстваў
Сёлета на Берасцейшчыне, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, на 18% павялічылася колькасць злачынстваў у дачыненні да людзей сталага ўзросту.
Пра гэта паведамляе пракуратура Берасцейскай вобласці. Ад пачатку года ахвярамі сталі 278 пенсіянераў – пераважна іх рабуюць.
Злачынцы выкарыстоўваюць розныя нагоды, каб трапіць у дом да адзінокіх пенсіянераў, – кажа супрацоўніца сацыяльнай службы Кацярына Лягун:
– Часта бываюць выпадкі, калі да састарэлых грамадзянаў звяртаюцца незнаёмыя людзі, прадстаўляюцца роднымі, сябрамі, суседзямі. Просяць даць ім паперу, асадку, пакінуць нейкую цыдулку. У час, калі грамадзянін адвернецца ці выйдзе ў іншы пакой за асадкай ці паперай, з дому знікаюць рэчы, з дому знікаюць каштоўнасці. Адпаведна ні ў якім выпадку незнаёмыя людзі не павінна заходзіць у памяшканні, дзе жывуць самотныя грамадзяне.
Праваахоўнікі заклікаюць грамадзянаў не пакідаць без увагі адзінокіх людзей сталага веку і па магчымасці аказваць ім дапамогу, тым больш ва ўмовах пандэміі.
Беларускае Радыё Рацыя