На Берасцейшчыне пераймаюць досвед працы з падлеткамі



Польскі і ўкраінскі досвед працы з падлеткамі пераймаюць на Берасцейшчыне, дзе рэалізуецца праект „Паляпшэнне працы з падлеткамі з нестандартнымі падводзінамі” ў межах праграмы трангранічнага супрацоўніцтва „Польшча-Беларусь-Украіна 2007-2013”. Удзельнікі праекта ладзяць міжнародныя адукацыйныя абмены.

Адна з галоўных каардынатараў праекта з беларускага боку Наталля Янчук распавяла пра асноўныя мехнізмы, якія задзейнічаны ў працы з такімі дзецьмі:

– Пакрокавы алгарытм дасягнення мэты. Была вызначана мэтавая група – гэта падлеткі, педагогі-практыкі і бацькі. Па-другое, былі адкрытыя цэнтры сацыяльнай адаптацыі падлеткаў. Цэнтры былі адкрытыя ў Польшчы, Беларусі і ва Украіне. У гэтых цэнтрах разнастайныя накірункі дзейнасці, такія як праца валанцёрскага атрада “Вектар”, дапамога крызісным сем’ям, у тым ліку псіхалагічная дапамога, праца па прафілактыцы парушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх.

Асноўны накірунак працы з падлеткамі з нестандартнымі паводзінамі ў пераходным узросце – гэта прыцягненне іх да сацыяльнай актыўнасці, то бок магчымасць даць ім альтэрнатыву правядзення вольнага часу, пошуку і рэалізацыі сябе.

Беларускае Радыё Рацыя