На Берасцейшчыне працягваецца судовы канвеер



На Берасцейшчыне амаль ні дня без разглядаў крымінальных справаў у адносінах да мірнага насельніцтва, што прымалі ўдзел у акцыях пратэсту ці праяўлялі актыўнасць у часе апошняй прэзідэнцкай кампаніі. Штораз з’яўляюцца новыя падазраваныя, сведкі, абвінавачаныя:

– Апошні прыклад – завядзенне крымінальнай справы на двух жыхароў Берасця за тое, што тыя расклейвалі налепкі. Следчым падалося, што змест надрукаванага тэксту пакрыўдзіў сілавіка.

Затрыманне двух берасцейцаў адбылося яшчэ 13 верасня. Узбуджаная крымінальная справа згодна артыкула 369 Крымінальнага кодэкса – абраза прадстаўніка ўлады. Менавіта такі артыкул прад’яўляецца значнай частцы ўдзельнікаў пратэстнага руху, гэта своеасаблівая замена адміністрацыйнаму пакаранню ў выглядзе штрафаў і сутак.

А ўжо літаральна заўтра, 20 студзеня, павінен пачацца разгляд так званай карагоднай справы. Колькасць падазраваных і сведкаў хутка наблізіцца да паўсотні, справа падзеленая на некалькі частак. Гэта адзін з самых масавых палітычна матываваных судовых канвеераў на Берасцейшчыне за сучасную гісторыю Беларусі.

Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце