На Берасцейшчыне святкуюць шэраг савецкіх юбілеяў



На Берасцейшчыне шырока святкуюць 70- альбо 75-годдзе ўстановаў: адукацыі, бібліятэчнай сістэмы, аховы здароўя і праваахоўных органаў. Гэта сведчыць пра прызнанне ўладамі савецкага перыяду, як асноўнага ў беларускай дзяржаўнасці. Кульмінацыяй аднатыповых юбілеяў стане 4-е снежня, калі ў Берасці адзначаць 75-годдзе стварэння вобласці.

“Гістарычнай справядлівасці ў гэтым няма, бо, напрыклад, адукацыйная, бібліятэчная справа пачалася яшчэ ў 16-17 стагоддзі”, – адзначыў рэдактар часопісу “Гістарычная Брама” Аляксандр Ільін:

– Калі гаварыць пра школьную справу, то пачынаць трэба з Пінскага іезуіцкага калегіюма. Гэта ўжо сур’ёзная навучальная ўстанова, дзе працавалі сёр’ёзныя вучоныя. А з сярэдзіны 16 стагоддзя можна гаварыць пра пачатак бібліятэчнай справы.

Няправільна ўсё зводзіць толькі да савецкага перыяду, перакананы гісторык, бо тады атрымліваецца, што самой нацыі, як і дзяржаве, 70-75 год. Парадокс сітуацыі ў тым, што да прыходу бальшавікоў некаторыя ўстановы існавалі дзесяцігоддзямі, а ад новай улады атрымалі новую назву.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота virtual.brest.by