На Берасцейшчыне ўжо 128 палітвязняў



128 – такая апошняя лічба палітвязняў на Берасцейшчыне. Да спісу далучылася яшчэ шэсць асобаў – фігурантаў „карагоднай” справы, адзін чалавек з так званых жнівеньскіх „беспарадкаў” і грамадская дзяячка Паліна Шарэнда-Панасюк:

– З „карагоднай” справы палітвязнямі прызнаныя Віталь Брух, Віктар Дзенісенка, Яўген Калпачык і Мікалай Федосенка.

Віталь Брух і Віктар Дзенісенка зараз знаходзяцца ў выпраўленчай калоніі адкрытага тыпу №48, ім прысуджана па паўтары гады хіміі. Яўген Калпачык – у выпраўленчай калоніі адкрытага тыпу №21, прысуджана таксама паўтары гады хіміі. І Мікалай Федосенка – у выпраўленчай калоніі адкрытага тыпу №43, павінен адбываць там паўтары гады хіміі.

Палітвязень Андрэй Кандрасюк знаходзіцца ў СІЗА№ 7 у Берасці. Змешчаны пад варту па абвінавачванні ва ўдзеле ў жнівеньскіх берасцейскіх „беспарадках”.

Дадаткова палітзняволенай прызнаная актывістка „Еўрапейскай Беларусі” Паліна Шарэнда-Панасюк, якая асуджаная на два гады калоніі агульнага рэжыму па артыкулах 364, 368 і 369 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце