На Берасцейшчыне ўзмацніліся рэпрэсіі супраць незалежных журналістаў



За першыя 2 месяцы новага году распачаты паўторна ўжо 2 адміністрацыйныя справы: супраць Тамары Шчапёткінай і Аліны Літвінчук.

Кіраўнік Берасцейскага аддзялення беларускай асацыяціі журналістаў Алег Супрунюк мае перасцярогу, што рэпрэсіі ў сувязі з будучымі палітычнымі падзеямі будуць ісці па нарастаючай:

– У мяне вельмі непрыемныя адчуванні, чым бліжэй будзе чарговая выбарчая кампанія, тым больш будзе ціск яўны ці не вельмі яўны за журналістамі, якія імкнуцца аб’ектыўна аблюстроўваць падзеі, якія адбываюцца ў нашым рэгіёне, у нашай краіне. 

Грамадскія актывісты і грамадзяне, якім дапамагалі ў цяжкіх сітуацыях незалежныя журналісты, абураны ціскам на журналістаў з боку ўладаў:

– Гэта ўсё адбываецца таму што ідзе чарговая кампанія Лукашэнкі па ягонаму пераабранню. Ён хоча яе правесці, як заўжды “элегантна”. І вось мы бачым гэтыя яго „элегантныя” рэпрэсіі. Зараз жах бярэ ад тых рамак, у якія яго ставяць усіх – і незалежныя прафсаюзы, і незалежную прэсу і проста людзей, якія падняліся з кален і не хочуць на іх зноў станавіцца.

 – Я лічу гэта абуральным, у мене суды з уладамі, і мяне ўвесь час абараняюць журналісты незалежныя, і я ім удзячная. Я лічу іх вельмі мужнымі, разумнымі і прыстойнымі людзьмі. Я лічу іх героямі.  

Нагадаем справу Тамары Шчапёткінай накіравалі на перагляд з-за знойдзеных недахопаў. Яе вінавацяць за супрацу з замежным сродкам масавай інфармацыі без акрэдытацыі.

Беларускае Радыё Рацыя