На Берасцейшчыне завяршаецца распрацоўка GPS-навігацыі для інвалідаў па зроку
Адмысловыя мапы для мабільных тэлефонаў з падрабязаным апісаннем мясцовасці з’явяцца па Берасці, Кобрыне і Пінску. Праграму размесцяць у Інтэрнэце. Спампаваць яе можна будзе бясплатна. Намеснік старшыні Берасцейскага абласнога таварыства інвалідаў па зроку Андрэй Лявіцкі паведаміў, што па Берасці праца выканана на 70 адсоткаў:
– Я думаю, да кастрычніка-лістапада мы выканаем наш план, які неабходна зрабіць. Ён быў прадстаўлены нашымі калегамі-шведамі. У асноўным, мы ахапілі 70% усіх сацыяльна значных аб’ектаў па Берасці і пачынаем ужо прапісваць маршруты да найбольш значных гандлёвых цэнтраў.
Распрацоўка пачалася ў лютым. Праект падтрымалі шведскія партнёры таварыства інвалідаў па зроку. Інтэрактыўныя мапы спросцяць перасоўванне людзям з захворваннем вачэй.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота zari-bg.net
