На Берасцейшчыне зроблена 5 тысяч тэстаў на каронавірус



Пяць тысяч тэстаў — столькі было зроблена ў берасцейскіх лабараторыях спробаў выявіць COVID-19 за час эпідэміі. Першыя дыягнастычныя даследаванні былі праведзеныя амаль два месяцы таму — 3 сакавіка.

Спецыялісты працягваюць сваю працу 24 гадзіны на суткі:

– На дадзены момант тэсты робяцца ў занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, а таксама ў скурна-венералагічным дыспансеры. Мясцовыя ўлады абяцаюць, што ў бліжэйшыя дні з’явіцца магчымасць рабіць нашмат больш тэстаў.

Кіраўнік абласнога выканаўчага камітэту Анатоль Ліс звярнуў увагу, што колькасць інфікаваных з кожным днём будзе толькі павялічвацца, таму неабходна хутка рэагаваць. Чым больш будзе выяўлена хворых на каронавірус на ранніх стадыях — тым лягчэй будзе ім аказваць дапамогу — перакананы чыноўнік.

Яшчэ адная мэта — аператыўнае выяўленне асобаў, што сталі кантактамі першага і другога ўзроўняў са стварэннем магчымасцяў для іх самаізаляцыі.

Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце