На Берасцейшчыне з’явяцца новыя дзіцячыя садкі



268aaaa3-2013-0916-0924-2389093ffff4-w500-h500Дванаццаць дзіцячых садкоў цягам пяці гадоў плануюць пабудаваць мясцовыя ўлады на Берасцейшчыне. Такія дадзеныя значацца ў плане мерапрыемстваў па забеспячэнні даступнасці дашкольнай адукацыі, які распрацаваў Берасцейскі абласны выканаўчы камітэт. Установы будуць разлічаныя амаль на 2,5 тысячы месцаў. Берасцейцы адзначаюць, што праблема ўладкавання дзяцей у садкі не страчвае сваю актуальнасць, а з кожным годам сітуацыя толькі ўскладняецца:

– Напрыклад, у Чэрнях зусім няма месцаў. Калі запісвалі дзіцяці, нам сказалі, што да школы не будзе месцаў. Зараз дачцэ 4 гады, то бок яшчэ 2 гады не будзе месцаў.

– У раёне новай забудовы, на той жа Вульцы, думаю, патрэбны яшчэ адзін садок. Дзеці – гэта заўсёды вострае пытанне. Ім патрэбны камфорт, месцы ў садках. І не павінна так быць: нараджаецца дзіця і бацькі адразу ж ідуць запісваць яго ў садок.

– На Бярозаўскім патрэбны садок. Там шмат дзяцей, і ўсім не хапае месцаў. Вялікія чэргі ў садкі. Бацькам даводзіцца вазіць дзяцей у іншыя раёны.

У 2016 годзе ў Берасцейскай вобласці плануецца пабудаваць тры дашкольныя ўстановы на 350 месцаў, а да 2018 года павінны з’явіцца першыя дзіцячыя садкі ў дабудаваных да жылых дамоў памяшканнях.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота minibanda.ru